Беларуская Служба

«Купалаўцы» выступілі на сцэне варшаўскага тэатру

19.11.2021 15:02
На Камернай сцэне Польскага тэатру ў Варшаве акторы Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» зрабілі паказ драмы Славаміра Мрожэка «Паліцыя».
Аўдыё
  • 18 лістапада на Камернай сцэне Польскага тэатру ў Варшаве акторы Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» зрабілі паказ драмы Славаміра Мрожэка «Паліцыя».
Купалаўцы выступілі на сцэне варшаўскага тэатруradyjo.net/Я.Смялоўская

18 лістапада на Камернай сцэне Польскага тэатру ў Варшаве акторы Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» зрабілі паказ драмы Славаміра Мрожэка «Паліцыя».

Спектакль адбыўся ў рамках праекту «Творчыя рэзідэнцыі», які заснаваў  Тэатральны інстытут (Instytut Teatralny), i мэта якога даць магчымасць працы рэпрэсаваным у Беларусі акторам і іншым прадстаўнікам тэатральных прафесій. 

Сюжэт гратэскавай драмы Мрожэка «Паліцыя» адбываецца ў абстрактнай краіне, у якой апошні палітвязень пасля дзесяці гадоў праведзеных у турме, вырашыў падпісаць  акт аб вернасці ўладзе. Гэтая дэкларацыя ўзрушвае падмурак сістэмы, бо ў такой сітуацыі страчвае сэнс існавання яе апарат, які складаецца з паліцэйскіх, турэмшчыкаў, суддзяў і г. д. Начальнік заклікае змоўшчыка не падпісваць гэты акт. Калі гэта не ўдаецца, паліцыя сама здзяйсняе фіктыўны замах на генерала. Такім чынам існаванне паліцэйскай сістэмы і яе служачых было абаронена.

Варшаўскі спектакль у выкананні «Купалаўцаў» адбываўся ў выглядзе «перфарматыўнага (інсцэнізаванага) чытання». У чым адметнасць гэтага віду тэатральнага мастацтва патлумачыў рэжысёр Пшэмыслаў Вышыньскі (Przemysław Wyszyński):

- Найперш у тым, што акторы не вывучаюць тэкст на памяць, яны чытаюць яго з карткі. Звычайнае чытанне палягае на тым, што акторы седзячы за сталом, чытаюць ролі, зразумела з заангажаваннем і інтэрпрэтацыяй, а перфарматыўнае чытанне адрозніваецца ад звычайнага тым, што дабаўляецца элемент сцэнічнай сітуацыі, то бок, акторы, як у традыцыйным спектаклі, адыгрываюць ролевыя сітуацыі.

Гледачы адзначалі яскравую паралель з сённяшняй Беларуссю.

Мы цяпер сапраўду паглыбіліся ў творчы працэс, з энтузіязмам кажа акторка Крысціна Дробыш.

- Нарэшце! Калі ты можаш пераключыцца, ты можаш выйці на пляцоўку, можаш думаць пра нейкія акторскія рэчы, пра што ты не думаў апошнім часам, бо было складана на гэтым засяродзіцца. І зноў ты раскручваешся як актор, як бы набіраеш форму акторскую. Такое адчуванне, як быццам ты паднабраў кілаграм 20, цяпер пайшоў на трэнажоры і скідваеш іх - гэта ўнутранае адчуванне актора, калі ты даўно не працаваў.

Акторы гаварылі на беларускай мове, на сцяне высветліваліся субцітры на польскай мове.


Купалаўцы выступілі на сцэне варшаўскага тэатру Купалаўцы выступілі на сцэне варшаўскага тэатру

Пастаноўка драмы Мрожэка «Паліцыя»  на камернай сцэне Польскага тэатру была аднаразовай. Пра будучыню кажа рэжысёр Пшэмыслаў Вышыньскі:

- Нашае пермарматыўнае чытанне «Паліцыя»  атрымала запрашэнне на фестываль "Боская камедыя" ў Кракаве. Мы будзем выступаць 3-га снежня. Гэта будзе другі паказ нашага чытання. Што будзе далей нам пакуль невядома. А зараз у Польскім Тэатры гэта адзіны раз, калі мы паказваем гэтую драму. Але мы спадзяемся, што ў «Купалаўцаў» будзе жаданне працягваць працаваць з намі ў нашым тэатры.   

Драму Славаміра Мрожэка «Паліцыя» на беларускую мову пераклала Марыя Пушкіна.

Чытанне драмы на сцэне Тэатра Польскага ў Варшаве у выкананні Незалежнай тэатральнай групы "Купалаўцы"  прайшло ў рамках праекту «Творчыя рэзідэнцыі» польскага Тэатральнага інстытуту з вялікай дапамогай Інстытута Адама Міцкевіча.

Падрыхтавала Яланта Смялоўская